ТУМА́ННАСЦІ ГАЛАКТЫ́ЧНЫЯ,

воблакі міжзорнага газу ці пылу з пэўнымі контурамі. Канцэнтрацыя часцінак 100—1000 см​−3, т-ра каля 10 000 К. Вядома каля 400 Т.г.

Адрозніваюць планетарныя туманнасці (з прыкметамі правільнай структуры) і дыфузныя (маюць адвольную форму і агульную неўпарадкаванасць). Дыфузныя туманнасці бываюць эмісійныя (іх спектры маюць эмісійныя лініі) і адбівальныя (у спектрах ёсць лініі паглынання, характэрныя для спектра бліжэйшай зоркі). Газавыя Т.г. свецяцца ў выніку іанізацыі газу магутным ультрафіялетавым выпрамяненнем гарачых зорак, якія заўсёды ёсць унутры ці побач з імі. Гарачых зорак мала, таму газавыя туманнасці складаюць каля 1—5% міжзорнага асяроддзя; знаходзяцца ў спіральных частках нашай Галактыкі і інш. спіральных галактык. Самая вядомая газавая туманнасць (М 42) знаходзіцца ў сузор’і Арыёна. яе працягласць каля 6 пк. добра бачна простым вокам. Пылавыя Т.г. бываюць светлыя (свецяцца адбітым святлом) і цёмныя (бачны на фоне светлых туманнасцей ці на фоне зорнага неба ў Млечным Шляху).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 16, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)